Ноя
25
Опубликовано: 25 Ноя 2010
Рубрика: Наши мероприятия | Автор: vozrogdenie

117Два старадаўнія народныя абрады— Параскевы-Пятніцы і Кузьмы-Дзям’яна вярнулі з небыцця супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў “Адраджэнне” і раённага музея, увасобіўшы іх у свята майстроў, якое прайшло ў мінулую суботу ў в. Акцябрская. Параскева-Пятніца лічылася заступніцай жаночага пачатку. Яе сімвалы — пража, клубок шэрсці, верацяно. Шанаванне святой у славян было настолькі глыбокім, што ў старажытнасці аблічча Параскевы-Пятніцы адлюстроўвалі на адваротным баку ікон Багародзіцы. Адзначалася свята 10 лістапада. У гэты дзень жанчынам катэгарычна забаранялася прасці, мыць бялізну, купаць дзяцей. Праводзіўся абрад “Агледзіны льну”, а Параскеве прыносілі ахвяру — кідалі ў калодзеж пражу, кудзелю. Свята папярэднічала работам, якія распачыналіся доўгімі вечарамі: прадзенне, ткацтва, шыццё, вышыванне. Святыя Кузьма і Дзям’ян (14 лістапада), па народных паданнях, былі заступнікамі кавальскай справы, шлюбу, сям’і і хатняга агменю. З гэтым днём звязваліся зімовыя прыкметы: “Кузьмінкі — ад восені адны памінкі”, “Кузьма і Дзям’ян — праводзіны восені, сустрэча зімы, першыя маразы”. Свята называлася яшчэ курынымі імянінамі. У гэты дзень накрывалі шчодры стол, на якім асноўнай стравай была кураціна, а ў якасці забавы ладзілі рыцарскія турніры. Не адступіліся ад асноўных канонаў даўніх абрадаў і сучасныя арганізатары свята рамеснікаў. Паважна прайшла з кудзеляй разам з пралямі Параскева, запрашаючы гасцей палюбавацца творамі народных умельцаў. У фае Цэнтра рамёстваў разгарнулася выстава ганчарна-керамічных і скураных вырабаў, салома- і лозапляцення, вышыўкі. Тут жа можна было атрымаць майстар-клас ад удзельнікаў клуба “Традыцыя”, а за шчодра накрытым сталом — падсілкавацца за сімвалічную плату. Аматараў вострых адчуванняў пазабавіў турнір вікінгаў эпохі ранняга сярэднявякоўя, у ролі якіх выступілі ўдзельнікі клуба гістарычнай рэканструкцыі і мадэліравання “Нагльфар” Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў “Дзвіна”. Бравыя хлопцы ў даспехах прадэманстравалі строі, баі, абарону. Да свята майстроў было прымеркавана адкрыццё ў музеі выставы творчых дасягненняў маладых беларускіх спевакоў — Канстанціна Лагуціна, Аляксандра Заўгародняга, арт-групы “Верасы” і іншых. Пэўна ўпершыню сталічныя артысты выступалі на імправізаванай сцэне, стылізаванай пад сялянскае падвор’е. Застаецца спадзявацца, што свята з народным каларытам, адроджанае захавальнікамі гістарычнай спадчыны, прыжывецца ў раёне і набудзе масавы характар.

Н. Сталярэнка. Газета «Жыццё Прыдзвіння» №88(8973) Субота, 20 лістапада 2010г. Віцебская раёная газета; рубрыка «Абрады, традыцыі»

Post a Comment
Имя:
Почта:
Сайт:
Сообщение:


восемь × = 8

*
To prove you're a person (not a spam script), type the security word shown in the picture. Click on the picture to hear an audio file of the word.
Антиспам-картинка

To use reCAPTCHA you must get an API key from https://www.google.com/recaptcha/admin/create